close
Перайсці да зместу

Дода

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
До́да
Image
Рэканструкцыя маўрыкійскага дронта ў Оксфардскім універсітэцкім музеі прыродазнаўчай гісторыі
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Raphus cucullatus (Linnaeus, 1758)

Сінонімы
  • Struthio cucullatus Linnaeus, 1758
  • Didus ineptus Linnaeus, 1766
Image
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  555609
NCBI  187135
EOL  1049951
FW  92329

До́да, дро́нт звыча́йны (Raphus cucullatus) — вымерлы від нелятаючых птушак сямейства галубіных (Columbidae), адзіны прадстаўнік роду Raphus. Быў эндэмікам вострава Маўрыкій у заходняй частцы Індыйскага акіяна. Ягоным найбліжэйшым вымерлым сваяком быў дронт-пустэльнік, а найбліжэйшым жывым сваяком лічыцца нікабарскі голуб.[1][2]

Назва і сістэматыка

[правіць | правіць зыходнік]

Навуковая назва Raphus cucullatus замацавалася за відам пасля апісання Карла Лінея у 1758 годзе. У старэйшай літаратуры дронтаў нярэдка вылучалі ў асобнае сямейства Raphidae.[1]

У старых крыніцах памылкова згадваўся «белы дронт» з Рэюньёна. Цяпер, аднак лічыцца, што знойдзеныя парэшткі належалі рэюньёнскаму ібісу, а не прадстаўніку роду Raphus.[2]

Распаўсюджанне і арэал пражывання

[правіць | правіць зыходнік]
Image
Маўрыкій — адзінае вядомае месца пражывання дода

Дода жыў толькі на востраве Маўрыкій, які ўваходзіць у склад Маскарэнскіх астравоў. Да з’яўлення пастаянных еўрапейскіх паселішчаў востраў меў ізаляваную фаўну без буйных наземных драпежнікаў, таму шэраг мясцовых птушак страціў здольнасць да палёту або стаў большую частку часу праводзіць на зямлі.[3]

Асноўным асяроддзем для дода, імаверна, былі сухія прыбярэжныя лясы і ўчасткі каля вадаёмаў. Важную ролю ў вывучэнні яе экасістэмы адыграла балота Мар-о-Сонж (фр.: Mare aux Songes), дзе знойдзены шматлікія рэшткі дронтаў і іншых жывёл Маўрыкія.[3]

Выгляд дода вядомы толькі паводле пісьмовых сведчанняў XVII стагоддзя, старых малюнкаў, музейных рэшткаў і пазнейшых рэканструкцый. Ніводнага поўнага натуральнага чучала не захавалася.[4] У большасці апісанняў гэта была буйная нелятаючая птушка з масіўнай кручкаватай дзюбай, вялікай галавой, кароткімі крыламі і невялікім пучком пер’я ў задняй частцы цела. Маса цела дасягала да 20 кг, птушка мела вялікую галаву, кручкаватую дзюбу, малыя крылы, кароткае пер’е і чатыры пальцы на нагах.[5]

Image
Параўнанне памераў дода і чалавека

Сучасныя ацэнкі масы адрозніваюцца ад старых уяўленняў пра вельмі цяжкую і непаваротлівую птушку. Даследаванне вялікай выбаркі сцегнавых костак паказала сярэднюю масу каля 12 кг, хоць розныя ацэнкі ў навуковай літаратуры вагаюцца прыкладна ад 9,5 да 18 кг.[6] Паводле Оксфардскага ўніверсітэцкага музея натуральнай гісторыі, птушка была каля аднаго метра вышынёй.[4] Уяўленне пра дода як пра выключна тоўстую і нязграбную птушку, імаверна, узнікла пад уплывам некаторых еўрапейскіх малюнкаў і асобнікаў, якіх маглі перакормліваць у няволі.[3]

Харчаванне і размнажэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Дакладных звестак пра паводзіны дода захавалася мала. Найбольш верагодна, яна харчавалася пладамі, насеннем і іншай расліннай ежай. У страўніках дронтаў знаходзілі камяні, якія маглі дапамагаць пераціраць ежу, як гэта бывае ў многіх іншых птушак.[2]

Дода гнездаваліся на зямлі і адкладала адно яйцо.[5] Гісталагічнае вывучэнне костак паказала, што размнажэнне магло прыпадаць прыкладна на жнівень, а хуткі рост птушанят дазваляў ім дасягаць больш устойлівага памеру перад летнім сезонам цыклонаў у паўднёвым паўшар’і. Гэта ж даследаванне звязвае сезонную змену выгляду дронтаў на старых малюнках з лінькай пасля перыяду размнажэння.[7]

Адкрыццё еўрапейцамі і выміранне

[правіць | правіць зыходнік]
Image
Дода паводле выявы Руланта Саверэя

Галандскія маракі ўпершыню апісалі дода ў 1598 годзе, калі пачалі выкарыстоўваць Маўрыкій як перавалачны пункт на шляху ў Азію. Птушка не баялася людзей і не магла лятаць, таму яе лёгка было лавіць. Аднак паляванне было толькі адной з прычын вымірання. Не менш істотнымі былі знішчэнне лясоў і завоз на востраў свіней, пацукоў, сабакаў, катоў і макак, якія разбуралі наземныя гнёзды і з’ядалі яйкі або птушанят.[8][7]

Апошняе шырока прызнанае назіранне дода ў прыродзе адносяць да 1662 года: галандскі марак Волькерт Эвертс, які трапіў на Маўрыкій пасля караблекрушэння, апісаў птушак, злоўленых на невялікім астраўку каля ўзбярэжжа.[4] Пазнейшыя, менш надзейныя звесткі пра асобныя сустрэчы з дода адносяцца да 1670—1680-х гадоў.[9] На пачатку XVIII стагоддзя від ужо лічыўся зніклым.[4]

Вядомыя рэшткі

[правіць | правіць зыходнік]
Image
Шкілет дода ў Музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Лондане

Найболей вядомым ёсць шкілет «Оксфардскага дронта» — рэшткі птушкі з калекцый Оксфардскага ўніверсітэта. Ад яго захаваліся чэрап з участкам муміфікаванай скуры, ступня, частка сцегнавой косткі, пяро і асобныя тканкі; гэта адзіны вядомы матэрыял з мяккімі тканкамі доды, прыдатны для даследавання ДНК.[4]

Большасць музейных шкілетаў дода — кампазітныя, гэта значыць складзенымі з костак некалькіх асобін.[3] Асноўная маса матэрыялу паходзіць з Маўрыкія, найперш з балота Мар-о-Сонж.[3][6]

Дода стала адным з найбольш пазнавальных сімвалаў вымірання відаў праз дзейнасць чалавека. У англійскай мове замацаваліся выразы накшталт dead as a dodo і to go the way of the dodo, якія абазначаюць поўнае знікненне або выхад з ужытку.

Яшчэ большую вядомасць у масавай культуры Дода атрымаў пасля з’яўлення гэтай птушкі ў кнізе Льюіса Кэрала «Алесіны прыгоды ў Цудазем’і».

Зноскі

  1. 1 2 Raphus cucullatus (Dodo) (англ.). Avibase. Праверана 22 чэрвеня 2026.
  2. 1 2 3 Raphus cucullatus (Linnaeus, 1758) (англ.). GBIF. Праверана 24 чэрвеня 2026.
  3. 1 2 3 4 5 The dodo bird: The real facts about this icon of extinction (англ.). Natural History Museum. Праверана 22 чэрвеня 2026.
  4. 1 2 3 4 5 The Oxford Dodo (англ.). Oxford University Museum of Natural History. Праверана 22 чэрвеня 2026.
  5. 1 2 Дронтавыя. Verbum. Праверана 22 чэрвеня 2026.
  6. 1 2 van Heteren, Anneke H.; van Dierendonck, Roland C. H.; van Egmond, Maria A. N. E.; ten Hagen, Sjang L.; Kreuning, Jippe (2017). Neither slim nor fat: estimating the mass of the dodo (Raphus cucullatus, Aves, Columbiformes) based on the largest sample of dodo bones to date. PeerJ(англ.). 5: e4110. doi:10.7717/peerj.4110.{{cite journal}}: Папярэджанні CS1: непазначаны свабодны DOI (спасылка)
  7. 1 2 Angst, D.; Chinsamy, A.; Steel, L.; Hume, J. P. (2017). Bone histology sheds new light on the ecology of the dodo (Raphus cucullatus, Aves, Columbiformes). Scientific Reports(англ.). 7: 7993. doi:10.1038/s41598-017-08536-3.
  8. BirdLife International. Raphus cucullatus (англ.). The IUCN Red List of Threatened Species (2016). doi:10.2305/IUCN.UK.2016-3.RLTS.T22690059A93259513.en. Праверана 22 чэрвеня 2026.
  9. Roberts, David L.; Solow, Andrew R. (2003). When did the dodo become extinct?. Nature(англ.). 426: 245. doi:10.1038/426245a.
  • Дронтавыя // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 209. ISBN 985-11-0106-0.
  • Hume, J. P. The history of the Dodo Raphus cucullatus and the penguin of Mauritius // Historical Biology. — 2006. — Vol. 18, № 2. — P. 65—89. — DOI: 10.1080/08912960600639400.
  • Parish, Jolyon C. The Dodo and the Solitaire: A Natural History. — Bloomington: Indiana University Press, 2013.
  • Roberts, David L.; Solow, Andrew R. When did the dodo become extinct? // Nature. — 2003. — Vol. 426. — P. 245. — DOI: 10.1038/426245a.
  • van Heteren, A. H.; van Dierendonck, R. C. H.; van Egmond, M. A. N. E.; ten Hagen, S. L.; Kreuning, J. Neither slim nor fat: estimating the mass of the dodo (Raphus cucullatus, Aves, Columbiformes) based on the largest sample of dodo bones to date // PeerJ. — 2017. — Vol. 5. — e4110. — DOI: 10.7717/peerj.4110.